Фестываль шматдзетных сем'яў прайшоў ва Уздзе

27.05.2026

Гэта сямейнае свята аб'яднала цэлыя пакаленні. У раённым Доме культуры сабраліся шматдзетныя сем'і Уздзеншчыны. Але не проста, каб адпачыць, а паказаць неймаверную колькасць сваіх талентаў.

Ужо на падыходзе да Палаца культуры адчувалася атмасфера свята. Тут арганізавалі інтэрактыўныя пляцоўкі для дзяцей: хлопцы гулялі ў гульні, малявалі крэйдамі на асфальце, танцавалі з клоўнамі і роставымі лялькамі, прымяралі на сябе новыя вобразы ў аквагрыме, усміхаліся і шмат фатаграфаваліся.

Не менш цікава было ў фае РДК. Тэматычныя фотазоны прыцягвалі ўвагу гасцей свята. Кожны мог зрабіць памятныя здымкі, падкрэсліўшы важнасць сям'і і сямейных каштоўнасцяў. Выстава малюнкаў выхаванцаў Дзіцячай школы мастацтваў на сямейную тэматыку таксама цешыла наведвальнікаў.

Асаблівай папулярнасцю карысталася выставачная пляцоўка "Справы сямейныя", на якой сем'і-удзельніцы фестывалю - Чарнавус, Майсюк, Босак, Грыгарук, Місюкевіч, Свірыдовіч, Хальцэвы - прадэманстравалі свае таленты і сямейныя захапленні.

Вязаныя цацкі, свечкі з воску, статуэткі з гіпсу, ткацтва, eпрыгажэнні, гастранамічныя вынаходствы - кожны выраб дзівіў сваёй арыгінальнасцю і быў прасякнуты цяплом хатняга ачага.

Кульмінацыяй свята стала конкурсная праграма на лепшую шматдзетную сям'ю Уздзеншчыны. Удзельнічалі тры сям'і - Добрынеўскія, Рамановічы і Шыманскія.

Стаж сям'і Добрынеўскай Ніны і Дзмітрыя — 11 гадоў. Абодва маюць спецыяльную творчую адукацыю, што натуральным чынам уплывае на выхаваўчы працэс траіх дзяцей. 10-гадовая Аліса вучыцца харэаграфіі ў ДШМ і разам з 9-гадовым братам Міхаілам асвойваюць гульню на фартэпіяна. Ну, а вясёлая, завадная і самая маленькая ў сям'і nрохгадовая Антаніна, як і мама, любіць спяваць, танцаваць і дапамагаць пячы пірагі на кухні.

У сям'і Рамановіча Руслана і Алены таксама трое дзяцей. Даша, па прыкладзе старэйшай сястры Аляксандры, вучыцца ў музычнай школе, удзельнічае ў школьнай самадзейнасці. Яна любіць маляваць, спяваць і танцаваць. Яўген захапляецца футболам.

Руслан па прафесіі будаўнік, працуе на вытворчым прадпрыемстве, Алена працуе спецыялістам па сацыяльнай рабоце ТЦСАН. Бацькі сваім прыкладам выхоўваюць у дзяцей працавітасць, паважлівае стаўленне да працы, старэйшага пакалення, сямейных традыцый, прышчапляюць любоў да Радзімы.

Сям'я Шыманскай Рэнаты і Аляксандра з аграгарадка Азёры. Сельская гаспадарка - прызванне Аляксандра, яго працоўны стаж - з 17 гадоў! Рэната - чалавек творчы, сваё пакліканне знайшла на ніве культуры, яна культарганізатар Азёрскага СДК.

У сям'і Шыманскай Рэнаты Андрэеўны і Шыманскага Аляксандра Валянцінавіча выхоўваецца чацвёра дзяцей.

Старэйшы Дзмітрый спрабуе сябе ў прафесійным футболе. Сяргей любіць чытаць, гуляць у шахматы, вывучае ткацтва, а яшчэ вельмі любіць гатаваць, марыць атрымаць прафесію кухара. Дачушка Ксенія малюе, любіць спяваць, танцаваць, пляце фенечкі. бранзалеты, завушніцы. Малодшы Ілля - дашкольнік. Нягледзячы на юны ўзрост, ён захоплены спортам, любіць бокс, марыць трапіць у секцыю каратэ.

Сем'і-ўдзельніцы спаборнічалі ў спрыце і кемлівасці, дэманстравалі свае вакальныя, тэатральныя і харэаграфічныя дадзеныя. Журы ацэньвала згуртаванасць, артыстызм і ўменне працаваць у камандзе.

Але не толькі канкурсанты задавалі тон святу. Ім дапамагалі работнікі культуры. А яшчэ творчыя сем'і - Вольгі Сафронавай, Анатоля Фалько, Марыны Манькоўскай, Інгі Макоўскай. На сцэне яны былі разам з дзецьмі, што толькі дадавала эмоцый гледачу ў зале.

Гасцямі свята сталі танцоры ўзорнай студыі бальнага спартыўнага танца "Прэстыж" з Жодзіна. Іх нумары сустракалі і праводзілі апладысментамі.

На фестывалі нікога не пакінулі без узнагарод.

  • У намінацыі "Самая дружная сям'я" адзначана сям'я Дабрынеўскіх.
  • "Самай творчай сям'ёй" назвалі сям'ю Шыманскіх.
  • "Захавальнікі сямейнага ачага" - у такой намінацыі ўзнагародзілі сям'ю Рамановіч.

Падзякі і падарункі за ўдзел атрымалі ўсе сем'і, якія ўдзельнічалі ў фестывалі.

Фестываль падарыў усім зарад бадзёрасці і нагадаў, што моцная сям'я - гэта галоўная каштоўнасць нашай краіны.

- Гэта сапраўднае сямейнае свята, якое захоўвае традыцыі, - адзначыла намеснік старшыні райвыканкама Анжэла Жандармава. - А нашы беларускія сем'і iх ведаюць, шануюць і будуць толькі прымнажаць.

Падпішыцеся на нашы навіны