"Срэбны" ўзрост - выдатны час для новых захапленняў!

10.04.2026

Так лічыць наведвальніца аддзялення комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання ТЦСАН Галіна Сіняўская.

Веласiпедыстка, удзельніца вакальнай групы, валанцёр і ... дызайнер аўтарскіх сумак, Галіна Мацвееўна шчодра дзеліцца з навакольнымі не толькі пазітыўнымі думкамі, энергіяй, але і эксклюзіўнымі ўменнямі.

– Мая мама была сапраўднай майстрыхай: вязала спіцамі, кручком, вышывала карціны. Я з дзяцінства глядзела на яе, але не вязала. Проста назірала. А калі прыйшоў час, успомніла ўсе нюансы, – распавядае Галіна Мацвееўна.

Дызайнерскія сумачкі Галіны Сіняўскай выклікалі сапраўднае захапленне на выставе ў аддзяленні комплекснай падтрымкі ў крызіснай сітуацыі і падтрымкі актыўнага даўгалецця ва ўмовах дзённага знаходжання.

Першая сумка Галіны Мацвееўны была простай – з трыкатажнай ніткі, звязаная па простаму майстар-класу з інтэрнэту. З тых часоў вязанне стала яе творчым дыханнем.

Кожная сумка – гэта частка яе жыцця. У кожнай сваё прызначэнне – на вясну, на восень, для паездкі ў горад, для прагулак з унукамі...

– Мне ў радасць стварыць нешта незвычайнае. Гэта ж не тавар на продаж, гэта памяць, настрой, праца, эмоцыі, – кажа Галіна Мацвееўна. - Але, калі хтосьці захоча, я з радасцю навучу. У вязанні няма нічога складанага. Гэта навык, які можна і трэба перадаць.

Падпішыцеся на нашы навіны